ЭЛЕКТРАВЫМЯРА́ЛЬНЫХ ПРЫЛА́Д ВЫТВО́РЧАСЦЬ,

галіна машынабудавання, прадпрыемствы якой вырабляюць разнастайныя прылады для вымярэння эл., а таксама неэл. (т-ры, ціску і інш.) велічынь эл. метадамі. Гал. прадукцыя такіх прадпрыемстваў — амперметры, вальтметры, омметры, фарадметры, лічыльнікі эл. энергіі. На Беларусі працуе больш за 15 прадпрыемстваў Э.п.в. Найбуйнейшыя з іх: Беларускае вытворчае аб’яднанне радыётэхнікі (асцылографы, вальтметры, мультыметры, ЗВЧ-прыёмнікі і інш.), Мінскі электрамеханічны завод (лічыльнікі электраэнергіі, тахометры і інш.), Мінскі доследны завод «Эталон», прадпрыемства «Дысплей» (Мінск; вальтметры), Віцебскае вытворчае аб’яднанне «Электравымяральнік» (электронныя вымяральныя пераўтваральнікі і ўзмацняльнікі для сістэм цэнтралізаванага кантролю і аўтам. кіравання тэхнал. працэсамі ў энергетыцы і прам-сці; прылады ўліку электра- і цеплаэнергіі, расхадамеры і інш.), Наваполацкі завод «Вымяральнік» (сілавая электроніка для энергазберажэння і інш.). Прадпрыемствы галіны працуюць таксама ў Гомелі, Магілёве, Брэсце.

П.​І.​Рогач.

т. 18, кн. 1, с. 84

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)